[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Вялікія князі літоўскія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Вялікі князь літоўскі — найвышэйшы тытул у Вялікім Княстве Літоўскім. Вялікі князь — вярхоўны ўладар дзяржавы ў XIII—XVIII стст., якому падначальваліся іншыя князі і арыстакраты, што кіравалі асобнымі княствамі, валасцямі і вотчынамі.

Правы і абавязкі

[правіць | правіць зыходнік]
Аверс пячаткі, прыпісванай Міндоўгу, якога лічаць першым вялікім князем літоўскім, з выявай гаспадара на стальцы (каля 1255).

Прывілеі 1447 і 1492 гадоў абмежавалі ўладу вялікага князя літоўскага. Паводле іх ён не меў права самастойна вырашаць найбольш важныя пытанні знешняй і ўнутранай палітыкі.

Нягледзячы, што заканадаўчыя акты, у тым ліку Статут 1588 года, падкрэслівалі боскую прыроду ўлады вялікага князя, яго становішча было тыповым для абмежаванага феадальнага манарха, правы яго грунтаваліся на выбарнай аснове. Калі ў XIV ст. Паны-Рада пры вялікім князю была толькі дарадчым органам, то пазней яе значнасць моцна ўзрасла, многія мерапрыемствы дзяржаўнага кіравання маглі быць здзейснены толькі з яе згоды. У адсутнасць вялікага князя рада фактычна была вышэйшым дзяржаўным органам і дзейнічала самастойна.

Вялікі князь выбіраўся вышэйшай арыстакратыя са сваякоў, звычайна сыноў папярэдняга. Меў шырокія паўнамоцтвы — весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, распараджацца ўзброенымі сіламі дзяржавы, дзяржаўнай маёмасцю, даходамі і скарбам, дараваць маёмасць, урады і званні, ажыццяўляць вышэйшы суд і памілаванне асуджаных. Яму належала заканадаўчая ініцыятыва, усе асноўныя законы і прававыя акты выдаваліся за яго подпісам.

Абмежаванне ўлады вялікага князя літоўскага прадугледжвалася заканадаўствам ВКЛ у форме клятвы і абяцання вялікім князем захоўваць пэўныя правы і прывілеі, а таксама ў форме прамой забароны. Напрыклад, вялікаму князю забаранялася пачынаць вайну або ўстанаўліваць падаткі на ваенныя патрэбы без дазволу на тое сойма, выдаваць законы, якія б пярэчылі Статуту ВКЛ, раздаваць духоўныя і свецкія пасады, тытулы і землі ВКЛ іншаземцам, у тым ліку польскай шляхце.

Гаспадарскі тытул

[правіць | правіць зыходнік]
Руіны велікакняжацкага замка ў г. Навагрудку, ХІІІ — XIV ст. Гродзенская вобл.

Вялікія князі літоўскія мелі адмысловы тытул — гаспадар, таксама ўжывальны (у розных формах) у дзяржавах, культурна і палітычна арыентаваных на Вялікае Княства Літоўскае — Малдове, Чэхіі, Ноўгарадзе, Цвяры, Маскве. У старабеларускіх крыніцах сустракаецца таксама ў скарочаных формах: «осподар», «сподар».

Тытул паходзіць ад грэчаскага дэспат — правінцыйны кіраўнік у Візантыі, зрэдку — незалежны (напрыклад Эпірскі дэспатат за часам Лацінскай імперыі), раней у Персіі. У царкоўнаславянскай мове (а праз яе ў пісьмовай мове Кіева, Ноўгарада і іншых зямель Русі) зыходнае грэчаскае паняцце ўжывалася спачатку як гаспадзін (тытул асобы, таксама Гаспадзін Вялікі Ноўгарад).

Вежа велікакняжацкага замка ў Вільні, ХІV — XV ст.

У Маскве пераняты таксама з беларускай формы як гасудар (вышэйшы тытул маскоўскага валадара, пазней — адзін з тытулаў). Мае таксама скарочаную форму судар (на ўзор беларускага спадар)

Гаспадар, як і яго скарочаныя беларускія формы (а роўна — іх маскоўскія адпаведнікі: гасудар, судар) ужываліся таксама як звычайны тытул дваранства.

Акрамя гэтага, вялікі князь літоўскі меў тытулы па назве зямель, якімі валодаў. Напрыклад, Жыгімонт Ваза меў тытулы караля польскага, вялікага князя літоўскага, рускага, прускага, жамойцкага, мазавецкага, інфлянцкага, наследнага гаспадара і караля шведскага, гоцкага, вандальскага, вялікага княжыча фінляндскага і інш.

Герб Гедзімінавічаў — «Калюмны».
Герб Ягелонаў.

У ХІІІ ст. сынам Міндоўга, якога лічаць першым вялікім князем літоўскім, быў Войшалк, які займаў сталец па бацьку і таксама лічыцца вялікім князем літоўскім. Наступнікам Войшалка быў Шварн Данілавіч, яго зяць — муж сястры, ён належаў да галіцка-валынскай дынастыі.

Наступным пэўным уладаром Вялікага Княства Літоўскага быў Трайдзень, яго сваяцкая сувязь з родам Міндоўга дыскусійная — ад яе прызнання да поўнага адмаўлення. Яго наступнікамі былі Будзівід і Будзікід, магчыма яны былі сынамі Трайдзеня, але і гэта аспрэчваецца часткай даследчыкаў. Сынамі Будзівіда былі Віцень і Гедзімін.

Пачынаючы з Гедзіміна ўсе вялікія князі літоўскія да Люблінскай уніі пэўна былі яго нашчадкамі (Гедзімінавічамі), а яго ўнук Ягайла стаў заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў.

Вялікія князі літоўскія — каралі польскія

[правіць | правіць зыходнік]
Ягайла — першы вялікі князь літоўскі і адначасова кароль польскі. Фрэска 1475—1480 гг., замак Вавель, г. Кракаў, Малапольскае ваяводства, Польшча.
Жыгімонт ІІ Аўгуст — першы кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў Рэчы Паспалітай. Л. Кранах Малодшы, каля 1553 г. Музей Чартарыйскіх, Кракаў.

Пасля Крэўскай уніі 1385 года з Польшчай трое вялікіх князёў літоўскіх былі і каралямі польскімі.

  • Ягайла — вялікі князь літоўскі (з 1377), у 1386 годзе паводле Крэўскай уніі абраны каралём польскім пад імем Уладзіслаў ІІ Ягайла, да 1392 года быў з’яўляўся адначасова каралём польскім і вялікім князем літоўскім, у 1392 годзе паводле Востраўскага пагаднення саступіў тытул вялікага князя стрыечнаму брату Вітаўту, але самы тытулаваўся вярхоўным князем літоўскім;
  • Казімір Ягайлавіч — вялікі князь літоўскі (з 1440), а з 1447 — і кароль польскі пад імем Казімір IV Ягелончык;
  • Аляксандр Казіміравіч — вялікі князь літоўскі (з 1492), а з 1501 — і кароль польскі пад імем Аляксандр Ягелончык.

Яшчэ два вялікія князі літоўскія былі абраны каралямі польскімі практычна адначасова.

  • Жыгімонт Стары — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (з 1506; каранаваны як кароль польскі ў 1507);
  • Жыгімонт Аўгуст — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (з 1548).

Пасля Люблінскай уніі 1569 года з Польшчай вялікі князь літоўскі адначасова быў каралём польскім, стаяў на чале агульнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Тытул уладара Рэчы Паспалітай называўся кароль польскі і вялікі князь літоўскі (з дабаўленнем тытулаў па іншых землях). Першым такім манархам Рэчы Паспалітай быў Жыгімонт Аўгуст.

Вялікі князі літоўскія да Люблінскай уніі

[правіць | правіць зыходнік]
Гады ўладарства Ілюстрацыя Імя
каля 12361263 Міндоўг. Гравюра 1578 г. Міндоўг
12631264 Транята. Гравюра 1578 г. Транята
12641266 Выява XV — XVІ ст., якая прыпісваецца Войшалку. Войшалк
12671270 Шварн. Выява не пазней XIX ст. Раманавічы (Рурыкавічы) Шварн Данілавіч
12701282 Гравюра 1581 г. Трайдзень
меркавана 1280-я Даўмонт
12821294 Будзікід
12921294 Будзівід
12941316 Віцень. Гравюра 1578 г. Герб Віценя Віцень
13161341 Гедзімін. Гравюра 1578 г. Гедзімінавічы Гедзімін
13411345 Гедзімінавічы Яўнут
13451377 Альгерд. Гравюра 1578 г. Гедзімінавічы Пячатка з княжацкім знакам Альгерд
13771381 Багаслоўская гутарка з удзелам Ягайлы. Выява XV ст. Ягелоны Ягайла
13811382 Пячатка Кейстута. 1379 г. Гедзімінавічы Кейстут
13821392 Багаслоўская гутарка з удзелам Ягайлы. Выява XV ст. Ягелоны Ягайла
13921430 Вітаўт. Мініяцюра 1555 г. Гедзімінавічы Вітаўт
14301432 Свідрыгайла. Гравюра 1581 г. Гедзімінавічы Свідрыгайла
14321440 Пячатка Жыгімонта Кейстутавіча. 1437 г. Гедзімінавічы Жыгімонт Кейстутавіч
14401492 Казімір. Выява XV ст. Ягелоны Казімір
14921506 Аляксандр і канцлер польскі Ян Ласкі. Малюнак 1506 г. Ягелоны Аляксандр
15061548 Жыгімонт І. Паміж 1511 — 1537 гг. Ягелоны Жыгімонт I Стары
15441569 Жыгімонт ІІ. 1550-я гг. Ягелоны Жыгімонт II Аўгуст

Каралі польскія і вялікія князі літоўскія пасля Люблінскай уніі

[правіць | правіць зыходнік]
Гады ўладарства Ілюстрацыя Імя
15731574 Герб роду Валуа Генрых Валуа
15761586 Герб роду Батары Стэфан Баторый
15871632 Герб роду Васа Жыгімонт III Ваза
16321648 Герб роду Васа Уладзіслаў IV Ваза
16481668 Герб роду Васа Ян II Казімір Ваза
16691673 Герб роду Вішнявецкіх Міхал Карыбут-Вішнявецкі
16731696 Герб роду Сабескіх Ян III Сабескі
16971704
17091733
Герб роду Ветынаў Аўгуст II Моцны
17341763 Герб роду Ветынаў Аўгуст III
17641795 Герб роду Панятоўскіх Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Дадатковыя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Ганна Ягелонка (1575—1596) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская, фактычна кіраўнікамі дзяржавы былі яе муж Стэфан Баторый і пляменнік Жыгімонт Ваза; такім чынам, Рэч Паспалітая ў 1575—1596 гадах фармальна мела двух уладароў адначасова.

У Рэчы Паспалітай былі выпадкі рознагалосся па абранні караля і вялікага князя:

  • Максіміліян Габсбург (1575—1576) — імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі, абраны па падвойнай элекцыі 1575 г. адначасова з Баторыем;
  • Максіміліян Габсбург (1587—1589) — эрцгерцаг, сын імператара Максіміліяна II, абраны па падвойнай элекцыі 1587 г. адначасова з Жыгімонтам Вазам.
  • Карл Густаў, кароль Швецыі, па заключэнні Кейданскай уніі лічыўся сваімі прыхільнікамі за вялікага князя літоўскага ў 1655—1660 гадах;
  • Франсуа Луі Бурбон (1697) — прынц дэ Канці, абраны па падвойнай элекцыі 1697 г. адначасова з Аўгустам ІІ;
  • Станіслаў Ляшчынскі (13 ліпеня 1704 — 1706) — адначасова кароль польскі, абраны канфедэрацыяй, да адрачэння ў 1706 годзе Аўгуста Моцнага ўладарыў адначасова з ім;
  • Станіслаў Ляшчынскі (1733) — другі раз, адначасова кароль польскі, абраны па падвойнай элекцыі 1733 г. адначасова з Аўгустам ІІІ.