Рэн
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Рэн (фр.: Rennes, брэт.: Roazhon) — горад у Францыі, прэфектура дэпартамента Іль і Вілен і адміністрацыйны цэнтр рэгіёна Брэтань. Горад размешчаны на захадзе Францыі, пры зліцці рэк Іль і Вілен. Станам на 2012 год у Рэне пражывала 209 860 жыхароў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Назву гораду дало кельцкае племя рэдонаў, якое жыло тут у старажытнасці. Сталіца рэдонаў, якая дала пачатак Рэну, стаяла на скрыжаванні асноўных шляхоў вобласці Арморыка. Рэнская епархія вядзе адлік сваёй гісторыі з IV стагоддзя. У Сярэднявеччы графы Рэна аспрэчвалі ў графаў Нанта вяршэнства ў Брэтані. Суперніцтва паміж Нантам і Рэнам працягвалася і пасля далучэння Брэтані да Францыі ў пачатку XVI стагоддзя.
Сярэднявечны Рэн быў знішчаны вялікім пажарам 1720 года, аднак ацалеў Палац парламента Брэтані з пышна дэкараванай галоўнай залай. Цэнтр горада, зноў быў выбудаваны ў XVIII стагоддзі, можа служыць прыкладам горадабудаўнічай палітыкі класіцызму з шырокімі вуліцамі, размешчанымі перпендыкулярна адна да адной. Парадную забудову часоў Людовіка XV прадстаўляе гарадская ратуша. Тады ж была каналізавана рака Вілен.
Падчас Вялікай французскай рэвалюцыі горад служыў плацдармам для падаўлення вандэйскіх паўстанцаў. У гады Другой сусветнай вайны Рэн моцна пацярпеў ад бамбардзіровак як немцаў, гэтак і саюзных войскаў: загінулі тысячы гараджан, былі разбураны многія старадаўнія будынкі, у тым ліку гарадскі музей.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Помнікі грамадзянскай архітэктуры старога парадку: палац парламента Брэтані (1618—1655), Рэнская ратуша (1722), будынкі ўніверсітэта, біскупскі палац (1672), тэатр.
- Рэлігійныя помнікі — гатычная царква Сент-Абен і Рэнскі сабор. Апошні закладзены ў XII стагоддзя, у 1490 г. часткова абрынуўся, новы фасад збудаваны ў XVI—XVII стст., у XVIII стагоддзі разабраны ад страху перад новым абвальваннем, да 1844 г. збудаваны нанова ў стылі класіцызму.
- Батанічны сад Табор, адкрыты для наведвання ў 1868 годзе.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйна ў Рэне былі прадпрыемствы машынабудавання, развіты ганчарнае, мэблевае і гарбарнае вытворчасці, быў развіты гандаль скатом, птушкай, хлебам, мёдам, воскам і лесам.
Цяпер у Рэне ёсць прадпрыемствы такіх кампаній, як Citroën, France Telecom.
Адукацыя і культура
[правіць | правіць зыходнік]У XIX стагоддзя ўніверсітэты (каля 63 000 студэнтаў) складаліся з факультэтаў юрыдычнага, філасофскага і фізіка-матэматычнага і фармацэўтычнага інстытута. У канцы стагоддзя ў горадзе былі грамадская бібліятэка (600 тыс. тамоў), кансерваторыя, мастацкая школа, настаўніцкая семінарыя (мужчынская і жаночая), земляробчая вучылішчы. У наш час дзейнічаюць Універсітэт Рэн I і Універсітэт Рэн II Верхняй Брэтані.
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]У Рэне базіруюцца футбольны клуб «Стад Рэнэ» (вядомы неафіцыйна проста як «Рэн»).
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]З 2002 года дзейнічае цалкам аўтаматычны, без машыністаў, Рэнскі метрапалітэн з 15 станцыямі. Да 2008 года Рэн быў самым маленькім горадам у свеце з паўнавартасным метро (пальму першынства адабраў Лазанскі метрапалітэн).
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Жак Філіп Мары Бінэ (1786—1856) — матэматык, механік і астраном
- Жорж Буланжэ (1837—1891) — палітычны дзеяч Францыі, генерал
- Жульен Луі Жафруа (1743—1814) — літаратурны крытык
Гарады пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]- Алматы (каз.: Алматы), Казахстан
- Брно (чэшск.: Brno), Чэхія
- Корк (англ.: Cork, ірл.: Corcaigh), Ірландыя
- Лёвен (нідэрл.: Leuven, фр.: Louvain, ням.: Löwen), Бельгія
- Рочэстэр (англ.: Rochester), штат Нью-Ёрк, ЗША
- Сэндай (яп.: 仙台市), Японія
- Сібіу (рум.: Sibiu), Румынія
- Хюэ (в’етн.: Huế), В’етнам
- Эксетэр (англ.: Exeter), Англія
- Эрланген (ням.: Erlangen), Германія
Традыцыйная фахверкавая забудова ў цэнтры | Палац Сен-Жорж (XVII стагоддзе), цяпер — казармы | Інтэр’еры палаца парламента Брэтані |
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рэн
- www.ville-rennes.fr Сайт мэрыі Рэна Архівавана 30 чэрвеня 2007.
- Брэтанскі парламент Архівавана 9 сакавіка 2021.
- Рэн для турыстаў (англ.)