[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Памакі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Памакі
(Помаци)
Агульная колькасць 493 500 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання  Турцыя - 366 000
 Балгарыя - 33 000
 Грэцыя - 66 000
Мова балгарская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы іншыя балгары, гараны, торбешы

Пама́кі (балг.: Помаци, грэч. Πομάκοι, турэцк.: Pomaklar) — субэтнічная група балгар, што спавядае іслам. Жывуць пераважна ў Балгарыі, на поўначы Грэцыі, паўночным захадзе Турцыі. Агульная колькасць (2023 г.) — 493 500 чал.[1]

Памакі лічацца нашчадкамі старажытных славян, якія мігрыравалі ў Фракію ў VI - VIII стст., прынялі праваслаўнае хрысціянства, уваходзілі ў склад дзяржаўных аб'яднанняў Візантыі і Балгарыі. З 1352 г. населеныя імі землі ўключаліся ў склад Асманскай імперыі.

Першая ўзгадка пра фракійскіх вясковых жыхароў, што прымалі іслам, адносіцца да XV ст.[2] Лічыцца, што назва памакі паходзіць ад турэцкага слова «Yemaek». Так у Асманскай імперыі называлі паўлікіян або тых, хто змяняў веру[3]. Назва памакі мела афіцыйны характар і шырока ўжывалася ў дакументах. Падобна іншым мусульманам, яны мелі сацыяльныя прывілеі і служылі ў асманскай арміі.

У XIX ст. памакі падтрымлівалі асманскі ўрад падчас барацьбы балгарскага і грэчаскага насельніцтва за незалежнасць, удзельнічалі ў задушэнні Красавіцкага паўстання 1876 г. Падчас Балканскіх войн у 1913 г. падтрымалі паўстанне мусульман у Заходняй Фракіі. Далучэнне зямель памакаў да Балгарыі і Грэцыі суправаджалася масавым зыходам памакаў ва Усходнюю Фракію і Анатолію.

Улады Грэцыі і Балгарыі рабілі захады для хрысціянізацыі мусульман-тубыльцаў. У Балгарыі было арганізавана некалькі буйных кампаній па асіміляцыі мусульман у 1912, 1940-х, 1960 - 1970-х гг. Яны прадугледжвалі змену веры, імён і прозвішчаў. У Грэцыі аказваўся моўны ўціск, прымушэнне ў выкарыстанні грэчаскай мовы, было прынята далучаць памакаў да валахадаў. Пасля 1989 г. у Балгарыі многія памакі аддалі перавагу турэцкай ідэнтычнасці і мове ў адукацыі[4], паколькі гэта давала магчымасць эміграцыі ў Турцыю. Было заўважана, што пасля пераезда ў гарады, памакі часцяком прымалі балгарскую ідэнтычнасць, хаця захоўвалі мусульманскую рэлігію, звычаі і традыцыі.

У 2012 г. у балгарскім горадзе Смолян была створана няўрадавая арганізацыя Еўрапейскі інстытут - ПАМАК (балг.: Европейски институт – ПОМАК)[5].

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]
Сучасная вёска на мяжы Балгарыі з Грэцыяй

Традыцыйна памакі насялялі горныя ізаляваныя мясцовасці. Іх заняткамі здаўна былі дробнае земляробства, жывёлагадоўля, нарыхтоўка лясной драўніны, адыходніцкая праца на шахтах[6]. Для вёсак характэрна раскіданая планіроўка.

Памакі адрозніваліся ад астатніх балгар абліччам[7]. Мужчыны карысталіся ваўнянай вопраткай, апраналі плашчы з каптурамі, цюрбаны, чырвоныя паясы. Жанчыны насілі доўгія кашулі, камізэлькі, шалікі, хусткі, наміткі, упрыгожвалі вопратку бісерам і манетамі. Мужчыны галілі галаву, але застаўлялі бараду. Жанчыны запляталі мноства касічак, фарбавалі пазногці і зубы.

Лад жыцця памакаў быў сфармаваны прыналежнасцю да іслама, звычаёвым правам, залежнасцю ад вясковай абшчыны і сваяцтвам. З аднаго боку, нават у час эканамічных рэформ і палітычнага пераследу гэта дапамагала захоўваць спецыфічныя культурныя асаблівасці. Але ў выніку геаграфічная і сацыяльная ізаляванасць не спрыялі агульнай кансалідацыі.

Фальклор знакаміты баладамі і любоўнымі песнямі.

Вернікі спавядаюць іслам суніцкага накірунку. Захоўваюцца некаторыя хрысціянскія звычаі, у тым ліку адсутнасць працы падчас хрысціянскіх святаў.

Памакі размаўляюць на некалькіх дыялектах балгарскай мовы. У Грэцыі яны часам разглядаюцца як асобная паўднёваславянская мова.

Зноскі