Акадская мова
Акадская мова | |
---|---|
Саманазва | lišānum akkadītum |
Краіны | — |
Рэгіёны | Старажытная Месапатамія |
Агульная колькасць носьбітаў |
|
Вымерла | к пачатку I тысячагоддзя н. э. |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Пісьменнасць | клінапіс |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | акк 028 |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2 | akk |
ISO 639-3 | akk |
IETF | akk |
Glottolog | akka1240 |
Акадская мова (трансліт. акад.: Lišānum akkadītum, па назве г. Акад), або асіра-вавілонская мова, — адна з самых старажытных семіцкіх моў, якая ўтварае іх паўночную або паўночна-ўсходнюю групу (магчыма, разам з эблаіцкай); размоўная мова трох народаў, якія засялялі тэрыторыю Старажытнай Месапатаміі — акадцаў, вавіланян і асірыйцаў. Для пісьмовай фіксацыі акадскай мовы ўжываўся славесна-складовы клінапіс, запазычаны ў шумераў. Найстаражытнейшы акадскі помнік датуецца XXV стагоддзем да н. э., пазнейшыя — I стагоддзем; у апошнія стагоддзі свайго існавання акадская мова, выцесненая арамейскай, выкарыстоўвалася толькі ў некалькіх гарадах Вавілоніі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя сляды акадскай мовы выяўляюцца ў клінапісных надпісах на шумерскай мове (старажытная несеміцкая мова Старажытнай Месапатаміі, якая вымерла к пачатку II тыс. да н. э .; клінапіс быў вынайдзены іменна шумерамі), датаваных прыкладна 3000 да н. э. Гэта асабістыя імёны і словы, запазычаныя шумерамі з акадскай мовы. З узнікненнем першай акадскай дзяржавы і яе наступнай экспансіяй пры цары Саргоне і яго пераемніках (каля 2341—2160 да н. э.), на стараакадскай мове (гэтым тэрмінам абазначаецца аккадская мова III тыс. да н. э.) сталі гаварыць і пісаць на вялікай тэрыторыі ад Акада (раён сучаснага Багдада) на поўдні да Асірыі (раён сучаснага Масула) на поўначы. Акрамя таго, у гэты ж час стараакадская мова стала паступова распаўсюджвацца па тэрыторыі Шумера на поўдні Месапатаміі і па тэрыторыі Элама, усходняга суседа акадцаў. Наступнае адраджэнне шумерскага панавання, якое доўжылася прыкладна два стагоддзі, некаторы час пагражала пакласці канец акадскай экспансіі, аднак новыя нашэсці семіцкіх народаў каля 2000 да н. э. прывялі да поўнага выцяснення шумерскай мовы акадскаю, якая стала афіцыйнай на ўсёй тэрыторыі Месапатаміі.
Вялікія заваяванні, якія прывялі ў пачатку III тысячагоддзя да ўтварэння велізарнай дзяржавы, і наступнае ажыўленне гандлёвых зносін распаўсюдзілі па ўсёй Пярэдняй Азіі ўплыў вавілонскай культуры і вавілона-асірыйскай мовы, якая становіцца афіцыйнай мовай міжнародных адносін; ў XV стагоддзі да н. э. на ёй перапісваецца нават егіпецкі фараон са сваімі бліжэйшымі суседзямі, дробнымі палесцінскімі васаламі. Разам з Вавілонскімі культурнымі паняццямі, заканадаўствам, міфалогіяй і інш. народы Блізкага Усходу запазычаюць цэлы рад слоў з вавілона-асірыйскай мовы.
Пачынаючы з XIV стагоддзя да н. э., у Месапатамію пранікае арамейская мова (гл. таксама арамейская літаратура), прынесеная новай хваляй качэўнікаў — семітаў. Паступова гэтая мова становіцца гутарковай мовай усяго насельніцтва, так што ў IX стагоддзі да н. э. на вавілона-асірыйскай мове гаворыць ужо амаль выключна кіруючы клас, а пачынаючы з VI стагоддзя да н. э., гэта значыць з заснаваннем Новававілонскай дзяржавы з Халдзейскай дынастыяй, вавілона-асірыйская мова застаецца толькі ў якасці пісьмовай мовы. Пры Персіі яна была афіцыйнай мовай усходняй палавіны дзяржавы, а асобныя помнікі на вавілона-асірыйскай мове сустракаюцца да сярэдзіны III стагоддзя да н. э.
Дыялекты
[правіць | правіць зыходнік]Эблаіцкая мова выяўляе значнае падабенства з акадскай і часам разглядаецца як яго найстаражытнейшы дыялект дасаргонаўскага перыяду.
Пасля 2000 г. да н. э. ў акадскай мове вылучаюцца два выразна розныя дыялекты: вавілонскі, на якім гаварылі на поўдні — у Вавілоніі, і асірыйскі (не варта блытаць з сучаснай асірыйскай мовай, якая адносіцца да іншай групы семіцкіх моў), на якім гаварылі на поўначы — у Асірыі; для кожнага з гэтых дыялектаў вылучаецца некалькі гістарычных этапаў развіцця. З-за гэтага падзелу акадскую мову часта называюць «асіра-вавілонскай» ці «вавілона-асірыйскай». Асірыйскі дыялект акадскай, магчыма, з'яўляецца прамым нашчадкам стараакадскай мовы (ва ўсякім выпадку, ён бліжэйшы да стараакадскай, чым вавілонскі), тады як у вавілонскім ёсць рад асаблівасцей, якія не выводзяцца са стараакадскай, а ўзыходзяць да іншых, больш старажытных і да гэтага часу дрэнна распазнаных дыялектаў.
Вавілонскі дыялект меў значна большае культурнае значэнне, чым асірыйскі. Пачынаючы з сярэдзіны II тысячагоддзя да н. э. вавілонскі шырока ўжываўся як свайго роду лінгва франка на ўсёй тэрыторыі Блізкага Усходу і ператварыўся ў мову перапіскі паміж царскімі дварамі хетаў, хурытаў, Арамеяў, Ханаанеяў і егіпцян. Багазкёйскі архіў (Малая Азія) і архіў Тэль-эль-Амарны (Егіпет) уяўляюць сабой найлепшае сведчанне шырокай распаўсюджанасці вавілонскага дыялекту акадскай мовы. Нават жыхары Асірыі, якія раней ужывалі выключна свой уласны дыялект, з сярэдзіны II тысячагоддзя сталі выкарыстоўваць вавілонскі дыялект — спачатку ў сваіх гістарычных надпісах, а пасля і ў пісьмовых тэкстах агульнага дзяржаўнага характару. У выніку к канцу асірыйскай перыяду ўсе асірыйскія тэксты пісаліся на вавілонскім дыялекце, за выключэннем шматлікіх асабістых пісьмаў і гаспадарчай дакументацыі, дзе працягваў ужывацца мясцовы дыялект. Больш архаічны характар асірыйскага дыялекту відавочны пры яго параўнанні з вавілонскім; у прыватнасці, так званыя слабыя зычныя застаюцца нясцягнутымі нават у познеасірыйскім, тады як у самых старажытных вавілонскіх тэкстах яны паўстаюць ўжо ў сцягнутым выглядзе.
Вылучаюць наступныя дыялекты акадскай мовы:
- Стараакадскі дыялект (XXIV—XX стст. да н. э.)
- Вавілонскі дыялект
- Старававілонскі дыялект (XX—XVI стст. да н. э.)
- Сярэдневавілонскі дыялект (XVI—XII стст. да н. э.)
- Моладававілонскі дыялект (XII—X стст. да н. э.)
- Новававілонскі дыялект (X—VII стст. да н. э.)
- Позневавілонскі дыялект (VII стагоддзе — пачатак н. э.)
- Асірыйскі дыялект
- Стараасірыйскі дыялект (XX—XVI стст. да н. э.)
- Сярэднеасірыйскі дыялект (XVI—XII стст. да н. э.)
- Новаасірыйскі дыялект (X—VII стст. да н. э.)
- Вавілонскі дыялект
Як можна бачыць, толькі вавілонскі дыялект акадскай мае бесперапынную пісьмовую гісторыю на працягу больш чым двух тысячагоддзяў. Прыкладна ў канцы старававілонскага перыяду і пачатку сярэдневавілонскага сфарміравалася асаблівая літаратурная мова, так званая стандартная вавілонская. Іменна на стандартнай вавілонскай напісана абсалютная большасць паэм, эпасаў, гістарычных дакументаў, іменна ёю карысталіся ў дыпламатычнай перапісцы ад Егіпта да сучасных тэрыторый Турцыі і Індыі.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Агульныя працы
[правіць | правіць зыходнік]- Липин Л. А. Аккадский язык. М., 1964.
- Дьяконов И. М. Языки древней Передней Азии. М., 1967. С. 263—338.
- Дьяконов И. М. Аккадский язык // в кн. Афразийские языки. Кн. I. Семитские языки. М., 1991. С. 70-109.
- Reiner E. Linguistic Analysis of Akkadian. The Hague, 1996.
- Каплан Г. Х. Очерк грамматики аккадского языка. СПб, 2006.
- Коган Л. Е. , C.В. Лёзов.Аккадский язык// в кн. языки мира: Семитские языки. I. Аккадский язык. Северозападносемитские языки. М., 2009. C. 113—178.
Асноўныя граматыкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ungnad A. Grammatik des Akkadischen. Neubearbeitung durch Matouš 5. Aufl. München, 1969.
- von Soden W. Grundriß der Akkadischen Grammatik. 3. Aufl. Rom, 1995. (GAG)
- Buccellati G. Structural Grammar of Babylonian. Wiesbaden, 1996.
- Huehnergard J. A Grammar of Akkadian. Atlanta, 1997.(3rd ed. 2011)
- Caplice R. Introduction to Akkadian. 4th ed. Rome, 2002.
Слоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- The Assyrian Dictionary of University of Chicago. Chicago, 1956—2011(CAD)
- Липин Л. А. Аккадский (вавилоно-ассирийский) язык. Вып. II. Словарь. Л., 1957.
- von Soden W. Akkadisches Handwörterbuch. Bd. I—III. Wiesbaden, 1958—1981. (AHw)
- Black J.G., George A., Postgate N. A Concise Dictionary of Accadian. Wiesbaden, 2000.
Хрэстаматыі
[правіць | правіць зыходнік]- Липин Л. А. Аккадский (вавилоно-ассирийский) язык. Вып. I. Хрестоматия с таблицами знаков. Л., 1957.
- Borger R. Babylonisch-assyrische Lesestücke. Teil I—II.3., revidierte Auflage. Roma, 2006.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Падручнік акадскай мовы (незакончаны) Архівавана 28 студзеня 2005.
- Клінапіс на прыкладзе ўрыўка з «Энума эліш» (англ.)
- Афанасьева В. К. Аккадская (Вавилоно-ассирийская) литература. Архівавана 25 лютага 2020.
- Akkadian-English-French Online Dictionary (англ.)
- Babylonian and Assyrian Poetry and Literature: An Archive of Recordings (англ.) — рэканструкцыя гучання акадскай мовы на прыкладзе помнікаў пісьменнасці.