[go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Кастусь Быліч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кастусь Быліч
Дата нараджэньня 20 кастрычніка 1906(1906-10-20)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 27 верасьня 1944(1944-09-27) (37 гадоў)
Занятак актор
Месца працы
Узнагароды
заслужаны артыст Беларускай ССР

Касту́сь Бы́ліч (Канстанцін Фёдаравіч Быліч; 20 кастрычніка 1906, Іван-горад Нова-Александрыйскага павету Люблінскай губэрні, Расейская імпэрыя — 1944) — заслужаны артыст БССР (1935), актор Купалаўскага тэатру.

Нарадзіўся 20 кастрычніка 1906 году ў сялянскай сям’і ў Іван-горадзе Люблінскай губэрні Нова-Александрыйскага павету (паводле іншых зьвестак, Кінгісецкі раён Ленінградзкай вобласьці[1]). У 1915 годзе, ратуючыся ад нямецкай акупацыі, ён разам з маці, братамі і сястрой пераехаў з Брэст-Літоўску ў Калугу, дзе пайшоў у школу. З-за цяжкага матэрыяльнага становішча падчас канікул працаваў табэльшчыкам на будоўлі, забесьпячэнцам, канторшчыкам. У 1921 годзе, пасьля вяртаньня з фронту бацькі, сям’я Былічаў пераяжджае ў Менск, дзе Кастусь уладкоўваецца вучнем садавода ў Лошыцу. Праз год ён паступае ў Менскую школу 2-й ступені Маскоўска-Беларуска-Балтыйскай чыгункі. Вучобу сумяшчае з заняткамі ў драмгуртку пад кіраўніцтвам М. Кавязіна.

Творчая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захапленьне тэатрам прывяло Кастуся ў трупу знакамітага Ўладзіслава Галубка, дзе ён са сваім сябрам У. Дзядзюшкам спачатку ўдзельнічаў у масоўках і эпізадычных ролях, а з 1925 году быў залічаны акторам вандроўнага тэатру (БДТ-3). Прыгожы, высокі, плястычны, вельмі арганічны ў паводзінах, шчыры ў пачуцьцях, Быліч хутка стаў выконваць у тэатры галоўныя ролі, першай зь якіх стала роля вольналюбівага плытагона Андрэя ў аднайменным спэктаклі па п’есе Галубка. У БДТ-3 актор стварыў каля 20 рознаплянавых вобразаў, лепшыя зь якіх: моцны духам батрак Ігнат Шворын з п’есы польскага драматурга Б. Гарчынскага «У ліпеньскую ноч», камуніст Сьцяпан Глоба ў спэктаклі «Ярасьць» Я. Яноўскага, кулак Певень з п’есы «Дыктатура» І. Мікіценкі, кар’ерыст Бялкоўскі ў «Маім сябры» М. Пагодзіна, інжынэр-контрарэвалюцыянэр Савіцкі са спэктаклю «Контратака» Дз. Курдзіна, гадзінных справаў майстра Карфункель — пачвара, якая ўвасабляе ідэалёгію фашызму, у спэктаклі «Гадзіншчык і курыца» І. Качаргі. Бліскуча выканаў Быліч ролю Фэрдынанда ў пастаноўцы «Каварства і каханьне» па п’есе Ф. Шылера, дзе «трагедыя каханьня ператварылася ў трагедыю сацыяльную, рамантычная прыўзьнятасьць, узвышанасьць шылераўскага героя ўдала спалучылася з рамантычнай узвышанасьцю акторскай індывідуальнасьці».

Кіпучая жыцьцядзейнасьць і энэргія мастака патрабавалі выхаду ў розных кірунках творчасьці. Ён выступаў як канфэрансье, дэкляматар, танцор. Вельмі любіў маляваць і ўвесь вольны час аддаваў гэтаму захапленьню.

У час рэпрэсіяў 1937 г. БДТ-3 у Гомелі быў расфармаваны, а Быліч і іншыя актор пераведзены ў БДТ-1. У пастаноўках Купалаўскага тэатру актор яшчэ раз сьцьвердзіў сябе выдатным майстрам пераўвасабленьня ў вобразах пана Ендрыхоўскага ў спэктаклі «Партызаны» К. Крапівы і Аляксандра — «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі. Калі б не трагічны лёс, Кастусь Быліч меў бы ўсе магчымасьці стаць адным з карыфэяў беларускай сцэны.

Кастусь Быліч загінуў 24 кастрычніка 1944 году[2] падчас чыгуначнай катастрофы пры рээвакуацыі тэатру з Томску ў Менск (паводле іншых зьвестак, памёр 27 верасьня 1944 году[3]).

  1. ^ Быліч Канстанцін Фёдаравіч // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 373.
  2. ^ «Будзьма разам!» Каляндар. 24 кастрычніка
  3. ^ Наш каляндар. Belarusan Information Center
  • Атрошчанка А. Талент адметны і яркі// Маладосць. 1968. № 12.
  • Смольскі Р. Быліч Канстанцін Фёдаравіч// Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. — Мн., 2002. — С. 190—191.
  • Смольскі Р. Кастусь Быліч// Майстры беларускай сцэны. Кн. 3. Мн., 1978.